Сядзiба музея
Уладары сядзiбы музея і сябры клуба “ Спадчына”

Жывапіс

Леанід Шчамялёў
  Дынастыя Ціхановічаў
  Аляксей Пятрухна
  Жаўняровіч В.М.
 
   Кульваноўскі У.П.
 
   Назарчук
  Мастакі Беларусі

Графіка

Скульптура

Медальернае мастацтва

  Несцярэўскі

Спасылкі

ВIДЭА

Старонка музея

"Фонд Анатоля Белага"

Збор Анатоля Белага – музей для беларускага народа

      Нягледзячы на змрочныя выракі скептыкаў, беларускае культурнае адраджэньне не згасла, жыве і эвалюцыніязіруе да новых форм нацыянальнага культурнага існаваньня, характэрнага для ХХІ стагодзьдзя. Вялікая роля ў ім належыць тым апантаным беларусам, хто сваім жыццём даводзіць слушнасьць агульнавядомай тэзы: не трэба думаць, што Радзіма можа зрабіць для цябе, а думаць, што ты можаш зрабіць для Радзімы! Высілкамі такіх людзей, не ў малой ступені, рухаецца працэс акумуляцыі нацыянальных культурных здабыткаў, якія павінны быць захаваныя для будучых пакаленьняў.
      Пра аднаго з такіх адданых мастацтву і гісторыі Беларусі зьбіральнікаў беларушчыны, калекцыянэра, кіраўніка культурна-асветнага клюбу “Спадчына” Анатоля Белага сёньня можна прачытаць у шматлікіх друкаваных і электронных сродках масавай інфармацыі. У апошні час асоба гэтага неабыякавага да лёсу беларускай культуры чалавека прыцягвае ўвагу сродкаў масавай інфармацыі, мастакоў, аматараў мастацтва з нагоды ажыцьцяўленьня яго ініцыятывы – адкрыцьця ў горадзе Старыя Дарогі першага ў Беларусі прыватнага музэя выяўленчага мастацтва (фонд Анатоля Белага) – сапраўднага народнага музэя, якім можа ганарыцца любы эўрапейскі горад.
      Але не многія нашы суайчыньнікі ведаюць, што Анатоль Яфімавіч у свой час быў першым дырэктарам музэйнага комплексу “Хатынь” і “Курган Славы”, а да гэтага працаваў вучоным сакратаром Музэя Вялікай Айчыннай вайны, а таму мае вялікі досьвед у арганізацыі музэйнай справы. З гэтай пасады яго перавялі на працу ў новы мэмарыяльны комплекс “Хатынь”. Менавіта тады Анатолю Яфімавічу прышлося ўдзельнічаць у ягонай будоўлі, зьбіраць матэрыялы пра трагедыю гэтай беларускай вёскі…
      Але да гэтага вучонаму каля дзесятка разоў прыходзілася сустракацца з Пятром Міронавічам Машэравым. Анатоль Яфімавіч ведаў стаўленьне Машэрава да ўшанаваньня памяці палеглых у гэтай вайне беларусаў: каб не Петр Міронавіч, то праблема Хатыні ніколі не вырашылася. Менавіта ён падняў пытаньне ўшанаваньня спаленых фашыстамі беларускіх вёсак. А як гэта адбылося? Па словах Анатоля Белага, кіраўнікі Брэсцкай вобласьці звярнуліся да Машэрава з просьбай устанавіць помнік загінуўшым жыхарам адной са спаленых вёсак Берасьцейшчыны. Пётр Міронавіч іх выслухаў і даў заданьне музею Вялікай Айчыннай вайны знайсьці назвы і месцы знаходжаньня іншых беларускіх вёсак, якія былі знішчаны захопнікамі. Акрамя гэтага, ён даў заданьне знайсьці самую бліжэйшую да Мінска спаленную разам з жыхарамі вёску. Так з’явілася Хатынь -- самая блізкая да сталіцы знішчаная вёска. Супрацоўнікам музэю прыходзілася выконваць гэтую складаную дасьледніцкую працу. Машэраў ставіўся да спрэчак, да выказваньняў і меркаваньняў вучоных з павагай, прафесійна. Не проста як бывае, калі вялікія чыноўнікі не могуць цярпець іншай думкі – а з вялікай павагай. Гэты факт адыграў з Анатолем Яфімавічам злы жарт: тагачаснае кіраўніцтва музюэ ўбачыла ў Белым небясьпечнага для кар’еры канкурэнта. Ён жа меў добрыя стасункі з самым Пятром Машэравым! Таму Беламу прышлося сыйсьці з Музэю Вялікай Айчыннай вайны ў музейны комплекс “Хатынь” і “Курган Славы”. Так пачаўся зусім новы этап ягонага жыцьця.
      Цяперашняя ж старонка дзейнасьці Анатоля Яфімавіча Белага і яго вернай спадарожніцы па жыцьці, аднадумцы Алы Мікалаеўны Белай – музэй у Старых Дарогах. Гэта сапраўдная скарбонка сучаснага нацыянальнага выяўленчага мастацтва, у якім з вялікім клопатам сабрана шмат рарытэтных экспанатаў, твораў мастацтва, гістарычных рэліквіяў.
      Але пачынаецца экспазыцыя Музея выяўленчага мастацтва ў Старых Дарогах (фонд Анатоля Белага) як раз з агляду вонкавага асяродьдьзя, якое стала прытулкам для шматлікіх помнікаў, часьцяком адзіных на ўсёй тэрыторыі нашай краіны. Тут знайшлі свае ўвасабленне ідэі па ўвекавечаньні такіх постацяў нацыянальнай культуры, як



 Е. Полацкай, Л. Сапегі, А. і М. Багдановічаў, М. Улашчыка, М. Ермаловіча,Ларысы Геніюш, Натальлі Арсеньневай, Кастуся Каліноўскага, А. Бярозкі. Тут ўсталяваны першы ў Беларусі помнік Героям Грунвальда, “Змагарам за родную мову”...
      Не так даўно на яго сядзібе адбылося адкрыцьцё памятнага знака ў гонар 80-годьдзя з дня нараджэньня Васіля Быкава. Думаю, усім наведвальнікам будзе цікава даведацца пра тое, што гэтую ідэю ўхваліў сам Васіль Уладзіміравач. І пра гэта сьведчаць такія факты…
      Анатоль Яфімавіч даўно меў жаданьне паставіць памятны знак у гонар Васіля Быкава. Бо ў нашага народа ёсьць крылаты выраз: “Такім людзям пры жыцьці трэба паставіць помнік”, але помнікі жывым яшчэ ніхто не ставіў. І ў яго ўзнікла такая думка зрабіць тое, пра што марыў народ – паставіць помнік самаму знакамітаму Беларусу да яго 80-годьдзя.
      Паколькі В. Быкава, па вядомым прычынам, тады не было ў Мінску, А. Белы не мог звязацца з ім і абмеркаваць сваю задуму. Спачатку была ідэя зрабіць медаль для Камітэта ўшанавання, што працуе пры клюбе “Спадчына”. У клюбе “Спадчына” разважалі пра тое, як гэты медаль назваць, пад якім дэвізам яго выдаць. Вырашылі, што лепшым дэвізам для новага медаля будзе “За праўду ў творчасьці”. Бо ўся творчасьць В. Быкава і пра гэта, дарэчы, красамоўна раскрываецца ў кнізе “Доўгая дарога да дому”,-- драматычнае змаганьне за праўду, якую ён нёс беларусам. Гэтыя праблемы і цяжкасьці застаюцца актуальнымі, нажаль, і сёньня. Тыя, хто сваімі творамі праўдзіва адлюстроўвае рычаіснасьць і сёньня з цяжкасьцямі прабіваецца да чытача. І вось гэты медаль павінен быў стаць адзнакай творчага подзьвігу тых творцаў, якія ўсё жыцьцё імкнуліся данесьці чытачам слова праўды. Аўтарам гэтага медаля стаў сапраўдны прафесіянал сваёй справы -- майстар-медальер Уладзімір Мелехаў.
      Пісьменніку было паведамлена, што ёсць ідэя ўсталяваць барэльеф на вялікім камені ў тры з паловай метры вышыні. Каб з гэтага каменя-волата на наведвальнікаў музея глядзеў пісьменнік-волат. Ідэя вельмі простая, але яна спадабалася і Васіль Уладіміравіч даў свой дазвол на гэтую справу.
      Калі дазвол быў атрыманы, А. Белы і мастак У. Мелехаў замацавалі гэты медальён. Яны адзьнялі памятны знак і здымкі перадалі Быкаву і ён іх дакладна бачыў. Васіль Уладзіміравіч выказаў Анатолю Яфімавічу сваю падзяку і яны дамовіліся, што 19 чэрвеня будзе праведезна афіцыйнае адкрыцьцё гэтага барэльефа. Сябры клюбу “Спадчына” вырашылі, што ён будзе называцца памятным знакам. Быкаў паабяцаў, што калі ён будзе пачуваць сябе добра, то ён абавязкова прыедзе ў Старыя Дарогі...
      19 чэрвеня ў прысутнасьці прадстаўнікоў беларускай грамадскасьці, сяброў клюбу “Спадчына” і ўладаў Старых Дарог абылося яго адкрыцьцё. На прэзентацыі знака выступілі лаўрэат дзяржаўных прэмій архітэктар У.Левін, старэйшы мастак Беларусі Я.Ціхановіч, пісьменьнік В.Якавенка. Удзельнікі адкрыцьця памятнага знака накіравалі віншавальны ліст пісьменьніку і В. Якавенка перадаў яго Быкаву яшчэ пры жыцьці пісьменьніка.
      22 чэрвеня Васіля Быкава не стала. Статус знака зьмяніўся: цяпер гэта сапраўды першы помнік вялікаму беларускаму пісьменьніку Васілю Быкаву. Барэльеф Быкава будзе знаходзіцца ў рамках пантэону “Змагарам за мову і за Беларусь”, што ствараецца на сядзібе музея. Пісьменьнік быў адным з тых, хто пачынаў гэта замаганьне. Ён, можа, не рабіў гучных грамадскіх акцый, але сваімі творамі, сваёй грамадзянскай пазіцыяй пастаянна змагаўся за родную мову. Ягонае слова было больш уплывовае чымсьці іншых...
      Праца над помнікам “Змагарам за родную мову” працягваецца: на камені будзе ўсталявана шыльда са ста імёнамі, тых хто адстойваў правы нашае мовы, у тым ліку і ўчынкамі – адчыняў першыя беларускамоўныя садкі, патрабаваў беларускамоўнага навучаньня... Акрамя гэтага, у музеі ёсьць немала медалёў з выявамі Тарашкевіча, Лёсіка, Каліноўскага і іншых знакамітых дзеячоў. І плануецца іх “ўпісваць” на камень, каб яны, таксама, былі на помніку ў гонар Абаронцаў мовы.
      Побач будзе помнік беларускім гісторыкам, якія вярталі гістарычную праўду і памяць беларускаму народу. Гэта



 будзе таксама камень, на якім будуць зьмешчаны імёны самых выбітных беларускіх гісторыкаў, публіцыстаў з надпісам “Яны вярталі гістрычную памяць Беларускаму Народу”. Напрыклад, зараз на камені ўжо ёсьць скульптурны партрэт гісторыка Міколы Ермаловіча.
      Але музей слаўны не толькі сваім пантэонам славутых Беларусаў...
      Як толькі трапляеш у музэй, то перад наведвальнікам разгортваецца панарама твораў беларускага выяўленчага мастацтва, у якой прадстаўлены творы праслаўленых беларускіх мастакоў. Вышэй, на другім паверсе разгорнутая выстава “Гісторыя Беларусі ў вобразах і партрэтах”. Ёсьць на пляцоўках музею і персанальныя экспазыцыі сяброў клуба “Спадчына” – мастака А.Пятрухны, выдатнага беларускага пісьменьніка В. Быкава (адзіная ў Беларусі!), а таксама асобная экспазыцыя, на якой прадстаўлена творчасьць сяброў клуба – выдадзеныя імі кнігі, навуковыя працы, ноты, паэтычныя зборнікі, афішы і абвесткі пра выставы...
      У пераходах паміж заламі разьмесцілася экспазыцыя скульптурных і керамічных твораў мастака М. Несьцярэўскага. Тут можна ўбачыць керамічныя партрэты беларускіх князёў і дзеячаў “Нашай Нівы”.
      Далей наведвальнікаў чакае знаёмства з заляй графікі і экспазыцыя “Старажытная Беларусь”. Ёсьць асобныя экспазыцыі, прысвечаныя Кастусю Каліноўскаму і Тадэвушу Касцюшку ў раздзеле “Змагарная Беларусь”. У зале “Маладая Беларусь” наведвальнікі змогуць пазнаёміцца з партрэтамі стваральнікаў БСГ, якія выкананы да 100-годдзя с моманту яе стварэньня, а таксама з выставай, што адлюстроўвае змагарны подзьвіг герояў Слуцкага збройнага чыну.
      Асаблівую ўвагу наведвальнікаў музэю выкліча экспазіцыя, якая ў свой час дала штуршок для пашэрэння ведаў па гісторыі Беларусі – “Любіць Радзіму, шанаваць родную мову”. Яе стэнды разьмяшчаюць каля 100 твораў, прысьвечаных Ф. Скарыну, больш за 100 твораў, прысьвечаных М. Багдановічу і іншым выбітным постацям Беларускай Гісторыі. На музэйных стэндах можна ўбачць адзіную ў Беларусі калекцыю твораў мастакоў Заходней Беларусі -- Сеўрука Драздовіча, Сергіевіча, а таксама, каля 50 твораў мастакоў-эмігрантаў Віктара Жаўнеровіча, Івонкі Сурвілы.
      Акрамя гэтага наведвальнікаў чакае самая вялікая ў Беларусі калекцыя медальернага мастацтва – каля 500-600 твораў. Самы даўні экспанат гэтай калекцыі – каранацыйны медаль караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІІ (1700). Сярод гістарычных мастацкіх рарытэтаў музея выўлянчага мастацтва ў Старых Дарогах (фонд Анатоля Белага) – графічны ліст з выявай караля Яна ІІІ Сабескага, адзіны ў Беларусі твор Валенція Ваньковіча – знакамітага беларускага мастака. Вялікую цікавасьць не толькі для спецыялістаў выкліча і карта рэдкая мапа Вялікага княства Літоўскага са збору Радзівілаў...
      Сустрэць Анатоля Белага ў сталіцы летам амаль немагчыма. Бо лета – самы прадуктыўны перыяд працы па ўдаскальванню экспазіцыі і вонкавага афармлення музея ў Старых Дарогах. Працы там, здаецца, непачаты край, але відавочны і вынік – каля дзесятка экспазіцыйных заляў з выдатнымі творамі беларускіх мастакоў Ваньковіча, Драздовіча Сергіевіча, Жаўнеровіча, Ціхановічаў, Шчамялева... Тут можна пабачыць скульптурныя творы, творы медальеранага мастацтва, помнікі лепшым сынам роднай Беларусі. А ў хуткім часе прыхільнікаў беларускай гісторыі чакаюць новыя падзея – адкрыцьцё новых помнікаў знакамітым людзям Беларусі. Значыць, наведвальнікаў музея ў Старых Дарогах паболее. Бо гісторыя і мастацтва Беларусі – невычарпальная крыніца пазнання і натхнення! У гэтым упэўнены Анатоль Яфімавіч Белы.

Анатоль Мяльгуй

 

Тэматычныя выставы:
Уладары старажытнай Беларусі, палкаводцы
Дзеячы вялікага Беларускага Нацыянальнага Адраджэння
Дзеячы беларускага замежжа
Дзеячы духоўнага Адраджэння Беларусі
Дзеячы сучаснага беларускага Адраджэння. Дзеячы беларускай культуры
Змагарная Беларусь
Любіць Радзіму-шанаваць родную мову
Гарады і архітэктура
Мастакі з Заходняй Беларусі
Францішак Скарына
Максім Багдановіч
Янка Купала і Якуб Колас